«КРЫВЫ́Я ВЕЧАРЫ́»,

амбівалентнае выяўленне святых вечароў на Каляды, калі найб. поўна і шматгранна разгортваецца нар. смехавая культура і ўсё можна падаць «шыварат-навыварат», у карнавалізаваным выглядзе. Смехавая культура з элементамі нар. т-ра ў розных формах вядома амаль усім народам свету. Ў славян яна ў найбольшай ступені выяўляецца ў час калядна-навагодніх і масленічных святкаванняў. У беларусаў на працягу 2-тыднёвых калядных святкаванняў і ў святы вечар прыпынялася ўсякая праца (інакш, паводле нар. павер’яў, магла «скрывець дамашняя жывёла»), усе павінны былі гуляць, наладжваліся ігрышчы з танц.-гульнявымі і тэатралізаванымі паказамі. У розных рэгіёнах Беларусі «К.в.» маюць свае адметныя рысы. На Палессі і Падняпроўі — карнавалізаваныя шэсці і прадстаўленні пераапранутых. Паводле нар. вызначэння, «К.в.» — самы вясёлы час года: можна хадзіць буслам, канём, казлом, цыганом, гусаром — «кім хочаш, тым і хадзі». На Паазер’і — гэта «каляднае вяселле для ўсіх» — «Жаніцьба Цярэшкі», дзе ўсе пары, што перакруціліся ў «Лявонісе» («пажаніліся» ў танцы), павінны па чарзе яшчэ і даганяць сваіх «дзядоў» і «бабак», якія ўцякаюць. Для тэатралізаваных паказаў характэрна багатая вобразнасць: парадзіраваныя пахаванні з амбівалентнасцю смерці-ўваскрэсення ў танцы, гульні, рытуальным смеху («Тут каза ўпала, // Здохла і прапала. // Ты, стара казішча, // Устань, развесяліся»). Драматызм сапраўднага вяселля як абраду пераходу (пераўтварэння) у «Жаніцьбе Цярэшкі» падаецца ў смехавай гратэскавай форме («Дзед бабу тапіць вядзець, // А баба крычыць — не йдзець. // Дзед бабу — чабох на дно, // А мне, дзед, і тут ладно»). Пра «К.в» ў сучасных вёсках Палесся і Паазер’я зняты аднайм. дакумент. кінафільм (1990).

Публ.: Зімовыя песні: Калядкі і шчадроўкі. Мн., 1975; Народны тэатр. Мн., 1983; Жаніцьба Цярэшкі. Мн., 1993.

Літ.:

Бахтин М. Творчество Франсуа Рабле и народная культура средневековья и Ренессанса. М., 1965;

Можейко З.Я. Календарно-песенная культура Белоруссии. Мн.. 1985.

З.Я.Мажэйка.

т. 8, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)